Оnline-дзённік "НАШЫ ДЗЕЦІ"
05.12.2022 - 16.12.2022
"У МАЙСТЭРНІ ДЗЕДА МАРОЗА"
Упрыгожыць дзіцячы садок да Новага года – справа клапотная і прыемная адначасова. Працы шмат - трэба ўпрыгожыць яркімі і маляўнічымі дэкарацыямі групу, прыёмныя, лесвічныя пралёты, музычную залу, вулічную тэрыторыю. Выхавальнікі ў дзіцячым садку - народ вынаходлівы і да Новага года, як правіла, усё ўпрыгожваюць уласнымі сіламі, не звяртаючыся да дарагіх паслуг дызайнераў, а дапамагаюць ім у гэтым маленькія выхаванцы. Казачныя ўпрыгожванні размясціліся ў групах дзіцячага сада: навагоднія ялінкі, цацкі, вырабы, на вокнах цешаць вока навагоднія кампазіцыі з паперы і блішчаць рознымі агнямі электрычныя гірлянды, а на сценах - гірлянды з фальгі, сілуэты Дзеда Мароза і Снягуркі і г.д. Над памяшканнем групы развесіліся абавязковыя расцяжкі з рознакаляровай мішуры і ёлачнага дажджу, і вось ужо святочны настрой не толькі ў дзяцей, але і ў работнікаў дзіцячага сада! Ды і бацькі з задавальненнем зазіраюць у групы, ацэньваюць старанні выхавальнікаў і з прыўзнятым настроем адпраўляюцца на працу. Усе мы з вялікім жаданнем чакаем набліжэння Новага года, а наш настрой перадаецца дзецям. Няхай яны запомняць не толькі яркія цукеркі з мяшка Дзеда Мароза, але і тую цеплыню і любоў, якія дарослыя дарылі ім ад усёй душы.