"Мая зямля - мой родны кут!"
26 сакавіка ў дзіцячым садзе адбылася фальклорная забава “Мая зямля - мой родны кут!" . Беларускія народныя гульні, спевы і пляскі не пакінулі нікога абыякавым. Асобы настрой стваралі яскравыя касцюмы ўдзельнікаў. Выхаванцы змаглі апынуцца ў атмасферы мінулага, далучыцца да скарбаў нацыянальнай культуры, да каранеў і вытокаў народа. Маленькія беларусы і беларусачкі чыталі вершы і спявалі на роднай мове.
На працягу ўсяго прадстаўлення дзецям давялося вадзіць карагод «Васілёчкі», спяваць беларускую песню «Куточак краю маяго», танчыць «Беларускую польку», прымаць удзел у розных беларускіх гульнях. Разам з дзедам - Усяведам дзеці адгадвалі загадкі, успаміналі народныя прыказкі і прымаўкі. Пазнаёміліся дзеці са старадаўнімі беларускімі народнымі звычаямі, гісторыяй свайго народа. Даведаліся шмат цікавага і разнастайнага.
Забава атрымалася эмацыйнай і яркай. Такія мерапрыемствы выхоўваюць у дзяцей пачуццё павагі да роднай культуры, узбагачаюць слоўнікавы запас, прыцягваюць увагу да нацыянальных традыцый праз беларускі фальклор, дапамагаюць дзецям дакрануцца да спадчыны, адчуць сябе часцінкай сваёй зямлі, свайго народа.